Другая прычына тэрмiновасцi майго Вам пiсьма i мая спешка з iм яшчэ больш важная, яна нават, калi можна так сказаць, сенсацыйная. Менавiта гер Агасфер паведамiў мне, што рэбэ Ёшуа, якога вы ведаеце па яго грэцкiм iменi Iсус Хрыстос, зноў дзейны на зямлi: ён, Агасфер, не толькi бачыў яго, але i даволi працяглы час гутарыў з iм.
Вы, шаноўны гер калега, заўсёды ставiлi пад пытанне iснаванне Вечнага Жыда; Вы маглi б таму тут якраз i падняць пярэчанне, што дадзеныя мiфiчнай асобы маюць мала фактычнай каштоўнасцi i што пра прадказанае ў тэкстах Новага Запавета хуткае вяртанне Iсуса Хрыста realiter так цi iнакш не можа быць гаворкi, бо ўжо пра першую iнкарнацыю нiбыта сына божага няма цвёрдых гiстарычных доказаў, нi габрэйскiх, нi грэцкiх альбо рымскiх дакументаў якога б там нi было роду, нiякiх крынiц акрамя менавiта гэтага Новага Запавета, розныя часткi якога розных жа i аўтараў яўна напiсаныя на патрэбу прапаганды ўхiленага ад афiцыйнага iудаiзму сектанцкага веравання i былi пашыраныя сярод людзей.
Я таксама, дазвольце мне гэта канстатаваць, лiчу Iсуса ў дойдзенай да нас форме ў найвышэйшай ступенi спрэчнай фiгурай; я хутчэй сказаў бы, што рэбэ Ёшуа, якi ў тыя часы хадзiў з пропаведзямi i парабалiчнымi выслоўямi па Юдэi i сумежных правiнцыях, яшчэ пры жыццi, а пасля смерцi яшчэ больш акружаны праз сваiх прыхiльнiкаў мноствам ходкiх мiфаў, пакуль нарэшце яго не абвясцiлi за даўно чаканага яўрэямi месiю. Але я не магу цалкам адмежавацца ад цвярозых слоў майго прыяцеля Агасфера, якi стаяў перад мною, як, мабыць, перад Вамi стаяў бы Ваш гер д-р Якш з прыгаршчамi новых доказаў сваiх тэзаў, i я дапускаю, што i Вы не былi б не ўражаныя яго паведамленнем.
У вынiку гэтага паведамлення рабi, як i тады ў белым, а цяпер брудным i падраным адзеннi, павалокся ўгору па Дарозе Смутку, хiстаючыся, як пад вялiкiм цяжарам, бледны, задышлiвы. I тым не меней у турыстычнай мiтуснi гэтай часткi Ерусалiма, якая прыцягвае да сябе дзiўную публiку i ўсякага роду жабракоў, ён быў амаль не заўважаны; хiба што толькi некалькi маладых з гiтарамi i рукзакамi за плячмi прыкмецiлi яго, але пасля хутка пераключылiся на iншыя кур'ёзнасцi. Ён, Агасфер, адразу пазнаў рэбэ Ёшуа: не дзiва пасля яго першай сустрэчы з iм на тым самым месцы. Ён увогуле не быў моцна здзiўлены паяўленнем рэбэ Ёшуа, адказаў гер Агасфер на маё ў сувязi з гэтым пытанне; так цi iнакш ён даўно ўжо чакаў яго вяртання, i пачуццё dеjа vu пранiкла ў яго, калi рабi зноў падышоў да яго i папрасiў дазволiць яму адпачыць у цянi ягоных дзвярэй.
Гэтым разам, праўда, мой сябар паведамiў далей, што ўжо паводзiўся не паводле вядомага ўзору. Замест таго, каб, як было, адаслаць рабi ад сваiх дзвярэй, ён запрасiў яго ў свой дом, i, цалкам зморанага i знясiленага, правёў праз усю сваю лаўку мiма многiх, зразумела, крыху шакiраваных клiентаў, у дворык, дзе запрасiў госця ўтульна размясцiцца сярод вiнаградных лозаў. Шкляначку вiна рабi адхiлiў, гэтаксама як i кока-колу, толькi заакцэптаваў глыток чыстай вады i дазволiў прамыць яму на галаве крывавыя раны i не выдаў нiводнага гуку, толькi два-тры разы лёгка ўздрыгнуў, калi ён, Агасфер, у канцы прамывання памачыў ёдам некалькi больш глыбокiх праколаў i парэзаў.
Пасля, крыху адпачыўшы, рэбэ Ёшуа пачаў гаварыць. Гэта, патлумачыў ён, ужо апошняя станцыя ягонага прабывання, i паколькi мой сябар Агасфер хацеў ведаць, цi не думае ён сапраўды яшчэ раз дапусцiцца да пытак, той з усмешкаю адказаў: не, гэтым разам не; прыйшоў iншы час, час, калi ўжо трэба не пакутаваць, а судзiць. На наступнае пытанне, каго судзiць, рабi не адказаў; ён падумаў, так сказаў мой сябар, што гэта i без таго ясна. I пра тых, якiя так лiха абышлiся з iм, ён выказаўся вельмi агульна i пакiнуў адкрытым пытанне, была гэта тады ваенная палiцыя цi арабскiя тэрарысты альбо проста нейкiя валацугi, якiя хацелi на iм астудзiць свой запальчык.