Читаем Танцы над горадам полностью

На шчасце, мама не зрывала з календара лісткі, бо пры канцы года выбірала надрукаваныя на адгортах кулінарныя рэцэпты, і я без праблемаў знайшоў дзень з “бэзавай” ноччу. Чорны кружок у правым ніжнім куце старонкі неабвержна сведчыў, што месяц на неба тады не выходзіў, значыць, быў западозраны беспадстаўна. Хоць, магчыма, і не зусім, бо ён усё ж быў прысутны сярод зорак, але - павярнуўшыся да Зямлі неасветленым бокам.

Лісток ніякіх карысных парадаў не ўтрымліваў, а таму я без згрызотаў сумленна адарваў яго і схаваў у шуфлядку стала, пры якім рабіў хатнія заданні, - праўдзівей, не стала, а засцеленай салатавым абрусікам мамінай нажной швачнай машынкі “Veritas”, якая ўслед за ложкам пераехала ў маю новую спальню. У той самай шуфлядцы таіўся мой дзённік, не школь­ны, а асабісты - пачаты з Новага года агульны сшытак у смарагдавай вокладцы. Акурат дзякуючы гэтаму дзённіку, які я давёў да восені, мне і ўдаецца цяпер узнаўляць некаторыя падзеі й нюансы.

Напрыклад, паход у бібліятэку.

6

Патрэбны цяжкі жоўты том «Дзіцячай энцыклапедыі» называўся «Чалавек». Такіх сур’ёзных кніг у школьнай бібліятэцы дадому не выдавалі, аднак мне як заслужанаму чытачу зрабілі да заўтрашняй раніцы выключэнне.

Уладкаваўшыся за швачнай машынкай і раз-пораз націскаючы ад хвалявання на шырокі понаж, я высветліў: артыкула пра лунацізм няма, але не паспеў засмуціцца, бо раздзел, прысвечаны сну, разгарнуўся акурат на малюнку, які ўмомант заваражыў.

Па гзымсе старадаўняга трохпавярховага будынка на чорным тле ночы спакойна ішоў мужчына ў паліто і цыліндры, а ўнізе, на вузкай брукаванцы, панаваў пярэпалах: пасажыры двух экіпажаў разам з мінакамі, закінуўшы галовы, у жаху сачылі за лунацікам. Пра тое, што гэта быў менавіта ён, сведчыў подпіс: «лунацік не ўсведамляе небяспекі і таму не адчувае страху перад вышынёй».

На той жа старонцы я праглынуў некалькі дзясяткаў радкоў, якія апавядалі, што лунацізм - рэдкае парушэнне сну, калі чалавек, не прачынаючыся, устае з пасцелі, блукае па доме або падымаецца на дах і дэманструе неверагодны спрыт у рухах.

Пасля гэтага ён вяртаецца ў ложак і ўранні нічога не памятае. Насуперак пашыранаму меркаванню, таямнічы ўплыў месяца тут ні пры чым, бо лунацікі выходзяць на прагулянкі і ў бязмесяцавыя ночы, і падчас дзённага сну, а таму ў навуцы апісаная з’ява называецца самнамбулізмам. Энцыклапедыя раіла ні ў якім разе не палохаць лунаціка, не будзіць яго, а пастарацца асцярожна адвесці назад у ложак. Бацькі таго відавочна не ведалі, але доктар іх, пэўна, ужо адукаваў.

Я адарваўся ад кнігі і перавёў дыханне. За вакном апусціўся вечар, і на небе заззяла зорка Венера. Заставалася даведацца, што начныя блуканні залежаць ад успышак узбуджэння ў асобных частках заснулага мозгу і могуць быць прыкметаю развіцця эпілепсіі. Вось тая хвароба на «э», пра якую пытаўся доктар!

Што такое эпілепсія, наш клас добра ведаў дзякуючы рыжаму Яшу, якога гэтая хвароба схапіла сёлета на кантрольнай па алгебры. Уявіць сябе на ягоным месцы ані не хацелася, а таму я з велізарнай палёгкаю прачытаў: самнамбулізм паддаецца лекаванню! Успамін пра Яшаў прыпадак не даваў спакою, і на дадатак да блакітных пігулак я на хаду вынайшаў новы сродак лекавання: перад сном буду прывязваць вяровачкай левую руку да білца ложка.

На сон я пачытаў і пра летаргію. Знакаміты расейскі фізіёлаг Паўлаў назіраў хворага, што праспаў дваццаць гадоў. На малюнку дзяўчына, якую везлі на катафалку ў труне, уздымала ейнае вечка, разганяючы пахавальную працэсію. Энцыклапедыя суцяшала, што сучасная навука такія выпадкі выключае. Яшчэ больш супакоіла і нават развесяліла фраза з артыкула пра сны: чалавек усю ноч праспаў, а ўранні распавядае, як кагадзе хадзіў на паляванне з людзьмі свайго племені. Хацелася б мне прысніць маё племя.

7

Між тым чацвёрка па гісторыі была выпраўлена, і, прагрукатаўшы навальніцаю, прыйшоў чэрвень. Такой парой мяне штогод адпраўлялі на лета ў бабуліну вёску. Але дзень прамінаў за днём, а я па-ранейшаму глытаў нанач блакітную пігулку, прывязваўся да ложка вяровачкай і засынаў з новай кніжкаю фантастыкі.

Там, на далёкай планеце, расло дзівоснае дрэва, вершаліна якога гублялася ў захмар’і. Прыхадні з Зямлі, узброеныя магутнымі піламі, уздымаліся па дрэве-волаце, каб спілоўваць галіны, здабываючы каштоўную драўніну. Аднак іхняя дзейнасць не заставалася беспакаранай. Дрэва баранілі тубылкі-дрыяды. Мне снілася, што мы з Артурам далучыліся да іх і жылі ў дуплах на вышыні кіламетра. Там, у густой лістоце, мы чакалі чарговага зямляніна, каб бязлітасна скінуць яго разам з крукамі, вяроўкамі ды піламі ў зялёную бездань. Зрэшты, на такі выпадак шкоднікі мелі парашуты.

Падзяліцца сном ужо не было з кім: мой паплечнік з’ехаў з бацькамі на мора. Заставаўся дзённік, які захаваў звесткі, што назаўтра пасля нашай гераічнай абароны ад зямлянаў тата абвясціў: курс прапісаных мне пігулак сканчваецца і ў пятніцу ягоны кіроўца адвязе мяне ў вёску.

Перейти на страницу:

Похожие книги

100 знаменитых харьковчан
100 знаменитых харьковчан

Дмитрий Багалей и Александр Ахиезер, Николай Барабашов и Василий Каразин, Клавдия Шульженко и Ирина Бугримова, Людмила Гурченко и Любовь Малая, Владимир Крайнев и Антон Макаренко… Что объединяет этих людей — столь разных по роду деятельности, живущих в разные годы и в разных городах? Один факт — они так или иначе связаны с Харьковом.Выстраивать героев этой книги по принципу «кто знаменитее» — просто абсурдно. Главное — они любили и любят свой город и прославили его своими делами. Надеемся, что эти сто биографий помогут читателю почувствовать ритм жизни этого города, узнать больше о его истории, просто понять его. Тем более что в книгу вошли и очерки о харьковчанах, имена которых сейчас на слуху у всех горожан, — об Арсене Авакове, Владимире Шумилкине, Александре Фельдмане. Эти люди создают сегодняшнюю историю Харькова.Как знать, возможно, прочитав эту книгу, кто-то испытает чувство гордости за своих знаменитых земляков и посмотрит на Харьков другими глазами.

Владислав Леонидович Карнацевич

Неотсортированное / Энциклопедии / Словари и Энциклопедии